Дзяржаўная ўстанова культуры «Музей Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы»

У 1754 годзе кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аўгуст III надаў Вялікай Бераставіцы Магдэбургскае права і герб. Выгляд герба вядомы па захаваўшыхся адбітках
пячаткі: на авальным шчыце сядзіць вавёрка на зямлі, якая падаецца ў форме спіралі, над шчытом — шляхецкая карона.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2006 года быў зацверджаны герб гарадскога пасёлка Вялікая Бераставіца і Бераставіцкага раёна. У аснову герба быў пакладзены гістарычны герб мястэчка «Чырвоная вавёрка пад залатой каронай». Менавіта герб стаў адпраўным пунктам праекта раённага музея.

Музей створаны 1 жніўня 2012 года рашэннем Бераставіцкага раённага выканаўчага камітэта ад 30 ліпеня 2012 года. З гэтага часу актыўна праводзілася праца па стварэнні экспазіцыі музея і пошуку прадметаў музейнага значэнння. Урачыстае адкрыццё выставачных залаў музея для наведвальнікаў адбылося 7 кастрычніка 2014 года. Профіль музея комплексны, прадстаўляе прыродазнаўчую і гістарычную тэматыкі, раскрыць якія дапамагаюць класічныя і сучасныя наватарскія формы музейнай дзейнасці.

Агульная плошча будынка музея складае 268,78 м2, з якой 84,4 м2 — экспазіцыйныя памяшканні, 19,0 м2 — памяшканні пад захаванне фондаў. Зямельны ўчастак займае плошчу 0,115 га.